ЭЛЕКТРАРУ́ХАЛЬНАЯ СІ́ЛА, эрс,
фізічная велічыня, якая характарызуе дзеянне старонніх сіл (сіл неэл. паходжання) у крыніцах эл. току. Для замкнутага эл. контуру роўная адносінам работы гэтых сіл па перамяшчэнні дадатнага зараду ўздоўж контуру да лікавага значэння гэтага зараду. Вызначае сілу току ў эл. ланцугу пры зададзеным яго супраціўленні (гл. Ома закон).
Э.с. крыніцы эл. току роўная рознасці патэнцыялаў на яго электродах пры разамкнутым знешнім ланцугу, г.зн. пры адсутнасці эл. току ў крыніцы. Староннія сілы прыводзяць у рух зараджаныя часціцы ўнутры крыніц току: генератараў, гальванічных элементаў, акумулятараў і інш. Паходжанне іх можа быць розным, напр., у электрамашынных генератарах — гэта Лорэнца сіла, якая дзейнічае з боку магн. поля на электроны ў рухомым правадніку, у гальванічных элементах, электрычных акумулятарах — хім. сілы. Адзінка Э.с. ў СІ — вольт.
т. 18, кн. 1, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)